+375 17 334-61-62
 

З нашага архіва

Аб правядзенні VII фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня»

На падставе Палажэння аб Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня» Міністэрствам культуры прынятае рашэнне на працягу 2011–2012 гадоў правесці VII Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», заключныя мерапрыемствы якога павінны адбыцца ў чэрвені 2012 года ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці.

З мэтай арганізацыі правядзення мерапрыемстваў фестывалю і ўдзелу ў іх творчых дэлегацыяў Міністэрства прапанавала Упраўленням культуры аблвыканкамаў разгледзець магчымасць уключэння ў план работы на 2012 год асобных мерапрыемстваў VII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня»:

* рэспубліканскі турнір салістаў-выканаўцаў твораў народнай спадчыны (г. Барысаў Мінскай вобласці, 25–26 лютага 2012 года);

* рэспубліканскі турнір танцавальных параў – выканаўцаў народных побытавых танцаў (г. Пінск, г. Драгічын Брэсцкай вобласці, 9–11 сакавіка 2012 года);

* рэспубліканскі конкурс апавядальнікаў народнай прозы (г. Гродна, 30–31 сакавіка 2012 года);

* рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Традыцыйная культура і дзеці» (г. Вілейка Мінскай вобласці, 25–26 красавіка 2012 года);

* заключныя мерапрыемствы VII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобалсці, 21–24 чэрвеня 2012 года).

 

Успаміны, перанесеныя праз усё жыццё

«Магільнае ў часы нямецкай акупацыі» – пад такой назваю мінскае выдавецтва «Кнігазбор» выдала сёлета кнігу Леаніда Міхайлавіча Лыча. Яна выйшла невялікім накладам, усяго 100 асобнікаў.

Гэтая кніга – пра самыя трагічныя часы ў гісторыі старажытнага мястэчка Магільнае на Уздзеншчыне і яго насельнікаў. Дарэчы, аўтар у пачатку робіць такую заўвагу: «У нашай мясцовасці і тады, і зараз слова Вузда вымаўляюць з выразнай прысутнасцю ў ім першай літары «В», таму, каб не парушаць такога правіла, і я прытрымліваюся яго на пісьме». Успаміны, перанесеныя праз усё жыццё і пераасэнсаваныя ўжо 83-гадовым доктарам гістарычных навук, выкладзены на паперу з эмацыйнай узрушанасцю 13-гадовага беларускага хлапчука, якому на долю выпала перажыць увесь цяжар акупацыйнага рэжыму ў гады Другой сусветнай вайны.

Мне, як гісторыку, падаецца вельмі важным, каб мы ўспрымалі мінулую вайну не толькі праз трыўмфальныя рэляцыі славутых камандзіраў-палкаводцаў, гераічных партызанаў і падпольшчыкаў, вывучалі яе, не толькі натхняючыся працамі вядомых гісторыкаў, журналістаў – удзельнікаў тагачасных падзеяў. Важна, каб тую маштабную трагедыю мы ўспрымалі і вачыма простых людзей, якія яе «перажылі» дзеля аднаго: выжыць, чаго б гэта не каштавала, выратаваць сваіх дзяцей, дачакацца родных з фронта.

Пра ўсё гэта ёсць ва ўспамінах Леаніда Міхайлавіча: трынаццацігадовы Лёня Лыч, як у люстэрку, даў адбітак дзіцячых пачуццяў – ад захопленасці мужнасцю змагароў і не менш моцнай ганьбаю чалавечай слабасці, якія так ярка высвеціла вайна.

Жыць, вельмі хацелася жыць Лёню Лычу. І ён выжыў, мо дзякуючы выключна сваім тату, маме і абавязку быць мужным у свае трынаццаць, каб выратоўваць маладзейшых сясцёр і братоў.

Яшчэ адна дэталь, на якую я прасіў бы будучых чытачоў кнігі звярнуць увагу. Як на маёй Капыльшчыне так і на лычаўскай Вузденшчыне дзеці называлі сваіх тату, маму, дзядоў толькі на «Вы». Думаю, такі «парадак» быў і па ўсёй Беларусі. У звароце на «Вы» закладзеная павага да сваіх продкаў, да крэўных, да старэйшых па ўзросту. Павага гэтая, як і зварот на «Вы», былі непарушнымі ні пры якіх абставінах. Былі, пакуль іх не парушыла русіфікацыя, што прынесла з усходу «тыканье», а з ім панібрацтва і непавагу нават да родных.

Сваёй кнігай паважаны Л.М. Лыч падштурхоўвае нас, беларусаў, вярнуцца да добрай нацыянальнай традыцыі: не «тыкаць» нашым бацькам, быць па-беларуску памяркоўнымі ў сталенні да іх, шчырымі і паважлівымі да сваіх суседзяў па доме, вёсцы, дзяржаве.

Вось такія пачуцці навеяныя мне кнігай Л.М. Лыча па яе прачытанні. Хацеў бы яшчэ падтрымаць яго зварот да землякоў: час ад часу збірацца на роднай зямельцы, прыйсці да сваіх кладоў, прамовіць хоць некалькі словаў на беларускай мове, «бо яна ж была на магілянскай зямлі спрадвеку роднай, матчынай».

Уладзімір ГІЛЕП

Гуляем у казкі

Дзінь-дзілінь, дзінь-дзілінь! Пара гуляць у казкі! Менавіта такою назвай-заклікам ахрысціў сваю новую кнігу Сяргей Вітушка. Выданне пабачыла свет сёлета ў выдавецтве Змітра Коласа, наклад 1 000 асобнікаў.

Дзінь-дзілінь, празвінеў званочак і паклікаў у дарогу па казачна-гістарычных сцяжынках. Далёка ці блізка зайшла, але патрапіла на старонкі «Казак на розныя святы» (першы раздзел), дзе сустрэлася з курачкай, што знесла непаслухмянае залатое яечка, якое выправілася без дазволу ў свет (казка пра Вялікдзень). З іншай казкі можна даведацца, чаму на Вербніцу ў нашага народа прынята біць адно аднаго ўпрыгожанымі вербнымі галінкамі і дзе насамрэч жыве Зюзя Мароз. А «Казачка на дзень Святога Валянціна» для мяне стала сапраўднай вынаходкай: аказваецца, ёсць і беларускі Святы Валянцін!

Гартаючы старонку за старонкай, пазнаёмілася яшчэ з адной легендай (а можа, гэта праўда?) будаўніцтва Мінска: «...некалькі разоў мяняў сваю назву: быў і Мянеск, і Менск, і Мінск. І яшчэ не раз памяняе, вось пабачыце».

А вось і «Казкі – жывыя батлейкі», дзе яскрава апісаныя варожыя стасункі Анёла і Чорта, методыка пошуку скарбаў, якія незаўжды небяспечныя. Дарэчы, «Казкі – жывыя батлейкі» – гэта гатовыя сцэнары, таму іх будзе не толькі цікава пачытаць, але і паставіць спектаклі напярэдадні пэўнага свята: Раства, Калядаў, Купалля.

Сцяг, герб, гімн – тры галоўныя сімвалы, што адлюстроўваюць незалежнасць любой краіны. І ў нас яны ёсць! Але як яны ў нас з’явіліся і чаму менавіта такія, расказвае Сяржук Вітушка ў раздзеле «Казачкі на Дзень Волі».

«Казкі-пагулянкі» – своеасаблівыя экскурсаводы па двух галоўных гістарычных гарадах-сталіцах раней агульнай тэрыторыі – Вільні і Мінску. Спалучаючы ў сабе рэальнае і міфічнае, яны праводзяць чытачоў па галоўных вуліцах, звяртаюць увагу на малавядомыя помнікі і адраджаюць «сівыя легенды».

Акрамя захапляльных сюжэтаў кнігу насычаюць і цудоўныя каляровыя ілюстрацыі, выкананыя Міхалам Анемпадыставым.

Таму гэта не звычайная кніжка, а скарбонка казак, а можа, і чыстай праўды. Кожны няхай сам для сябе вырашае.

Набыць кнігу можна ў мінскай кнігарні «Ў», што непадалёк ад Плошчы Перамогі.

Маша МЕДЗВЯДЗЁВА

Магіла з выяваю лучніка

Сёлета спаўняецца 145 гадоў ад пачатку паўстання на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы супраць царскага самадзяржаўя. Адным з яго кіраўнікоў з’яўляўся таленавіты скульптар Генрых Дмахоўскі. Нястомны дух гэтага чалавека пакінуў след у многіх кутках свету – у Польшчы і Літве, Украіне і Аўстрыі, Францыі і ЗША. І, безумоўна, – у Беларусі, дзе ён з’явіўся на свет, змагаўся і загінуў у барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ад царскага прыгнёту. Як лічыць большасць даследчыкаў, нарадзіўся Генрых Дмахоўскі 26 кастрычніка 1810 года ў маёнтку Забалоцце сучаснага Мёрскага раёна. Выхоўваўся без маці, якая памерла даволі рана.

Скончыўшы прыродазнаўчы факультэт Віленскага універсітэта, прымаў удзел у лістападаўскім паўстанні 1831 года ў атрадзе палкоўніка Юзафа Заліўскага, а пасля разгрому эмігрыраваў у Францыю. Падрабязна пра лёс неардынарнай асобы расказвалася ў артыкуле мёрскага даследчыка Вітаўта Ермалёнка, які нядаўна друкаваўся ў «Краязнаўчай газеце». Я ж паспрабую што-нішто дадаць.

Надзвычай плённым у творчасці Дмахоўскага быў амерыканскі перыяд. Творца адкрывае скульптурную школу, робіць партрэтныя медальёны, бюсты вядомых асоб, арганізуе выстаўкі ў Філадэльфіі і Вашынгтоне. Тут ён стварае медальён, прысвечаны пакараным смерцю дзекабрыстам, бюст Лайоша Кошута, скульптуру «Гарыбальдзі з воінамі». У гэты ж перыяд Г. Дмахоўскі выконвае для Кангрэсу ЗША медальёны і бюсты знакамітых асоб амерыканскай гісторыі – Джорджа Вашынгтана, Томаса Джэферсана, Бенджаміна Франкліна, Тадэвуша Касцюшкі, Казіміра Пуласкага.

У жніўні 1853 года ажаніўся з лепшай піяністкай Філадэльфіі Марыяй (па іншых звестках – Геленай) Шааф з Баварыі. Але не доўгім было сямейнае шчасце: перажыўшы смерць першага дзіцяці, у ліпені 1857 года падчас другіх родаў жонка памірае. На магіле (што на павернутым да ракі высокім узгорку) гаротны скульптар паставіў помнік з белага мармуру ў выглядзе жанчыны з двума дзецьмі на руках.

У маі 1861 года Г. Дмахоўскі атрымаў дазвол і вярнуўся на Радзіму. У Вільні ён працягвае займацца скульптурай, адкрывае атэлье. Найбольш вядомымі працамі, якія тут стварыў Дмахоўскі, з’яўляюцца помнік Уладзіславу Сыракомлю, мадэль помніка Барбары Радзівіл (захоўваецца ў старой аранжэрэі ў Варшаўскіх Лазенках). Яго абіраюць правадзейным членам Віленскай археалагічнай камісіі.

У 1863 годзе Дмахоўскі ўзяў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы паўстання ў Беларусі і Літве. Ён становіцца паўстанцкім камісарам у Дзісненскім павеце. Пад Мёрамі вядомы скульптар фармуе атрад, які накіраваўся ў Вілейскі павет для злучэння з паўстанцамі Вінцэнта Козела.

У пачатку мая ён праходзіў па тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна, дзе спадзяваўся папоўніць шэрагі. Напужаўшы да смерці святара Вольберавіцкай царквы Юльяна Яленскага, атрад колькасцю 280 чалавек спыніўся адпачыць на заходнім беразе возера Медзазол каля фальварка Парэчча. Прычыны, якія змусілі паўстанцаў накіравацца ў процілеглы ад Вілейкі напрамак, мне невядомыя. Магчыма, Дмахоўскі спадзяваўся схіліць на свой бок уладальніка маёнтка Парэчча генерал-маёра ў адстаўцы Пятра Аляксандравіча Юзэфовіча, які меў досвед удзелу ў Каўказскай вайне.

26 мая 1863 года пад час абеду на паўстанцаў нечакана напала рота салдат, якую прывёў селянін вёскі Атрубак Вольберавіцкага прыходу Арцемій Міхаль. Дмахоўскі, пасечаны кулямі, загінуў адразу, а слаба ўзброены атрад, страціўшы кіраўніка, разбегся. Магчыма, рэшткі гэтага атрада бачылі мясцовыя сяляне ў ваколіцах вёсак Бераспонне, Тумілавічы і Чарніца сучаснага Докшыцкага раёна. Згодна рапарту Крэмянчугскага пяхотнага палка, менавіта ў гэтым раёне 21–23 чэрвеня 1863 года праводзіла пошук паўстанцаў 18-я рота пад камандаваннем паручніка Максімовіча. У выніку рэйду толькі за адзін дзень па складанай мясцовасці было прайшлі больш за 60 вёрстаў, захоплены ў палон адзін паўстанец, які адпачываў пасля начной варты.

Доўгія часы магіла Генрыха Дмахоўскага была ў забыцці. Фальварак Парэчча, блізу якога яна размяшчаецца, быў спалены фашыстамі ў вайну. Нават старажылы суседняй вёскі Бірулі не ведалі, хто там пахаваны; магчыма таму, што гэта паселішча знаходзілася ў Савецкай Беларусі, а магіла Дмахоўскага – на польскай тэрыторыі за 200 метраў ад былой мяжы. Дакладнае месца пахавання Дмахоўскага ўдалося адшукаць дзякуючы праўнучцы генерала П.А. Юзэфовіча Юстыне Пятроўне Васілевіч (дзявочае прозвішча Юзэфовіч), якая цяпер жыве ў вёсцы Несцераўшчына Докшыцкага раёна. Яна паведаміла, што яшчэ ў польскі перыяд падчас навучання ў Докшыцкай гімназіі ў маі вучні з настаўнікамі здзяйснялі пешыя вандроўкі да магілы Генрыха Дмахоўскага і ўскладалі кветкі.

Пахаванне знаходзіцца на курганным могільніку ў бярозавым гаі на поўнач ад вёскі Бірулі Докшыцкага раёна. На магіле ўсталяваны каменны крыж з ледзь заўважнай выявай лучніка. Гэта месца прыцягнула ўвагу вядомага беларускага мастака, ураджэнца Докшыцаў Віктара Маркаўца, які намаляваў магілу на адной са сваіх карцін, магчыма, і не ведаючы, хто там пахаваны.

Мінулым летам падчас паходу па Докшыцкім раёне навучэнцамі Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі з дапамогай раённага упраўлення электрасувязі (начальнік В.В. Падцяроб) магіла была прыведзеная да ладу, прылеглая тэрыторыя расчышчаная ад хмызняку.

Постаць гэтага чалавека заслугоўвае таго, каб месца ягонай гібелі было ўшанавана належным чынам – як у Беларусі, так і за яе межамі; і падставай магло б стаць супольнае святкаванне пад патранатам ЮНЕСКА 200-годдзя яго нараджэння ў тых краінах, дзе Генрых Міхайлавіч Дмахоўскі пакінуў след.

Валерый ЯРМАЛОВІЧ, кіраўнік гурткоў Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі

 (Надрукаваны артыкул у № 36 за 2008 год)

 

Успамін – салодкі,

боль – несціханы

Прыязджаю да бацькоў і сэрца баліць, захлынаецца ад жалю. Вёска майго юнацтва Покаць Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці зусім не тая, якой была. У 1970-1980-я гады маёй вучобы ў Покацкай СШ яна месцілася ў прыгожым двухпавярховым каменным будынку. Былі ў вёсцы таксама дзве крамы (прадуктовая, прамтаварная), пошта, фельчарска-акушэрскі пункт (ФАП), лясніцтва, Дом культуры, бібліятэка. Покаць уваходзіла ў склад Залескага сельсавета і калгаса “Звязда”.

Цяпер жа, праз семнаццаць гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АС, назіраецца зусім іншы малюнак. Родную школу ў 1991 годзе ў сувязі з вельмі малой колькасцю дзяцей закрылі, астатнія ездзяць на аўтобусе ці то ў Залескую васьмігодку, ці то ў нядаўна пабудаваную сучаснага тыпу Бабіцкую СШ.

Чорнымі дзіркамі павыбітых вокнаў глядзіць на наваколле былы хлебны магазін, закрылі ФАП, нягледзячы на нязгоду вяскоўцаў, а зусім нядаўна – пошту. Цэнтр лясніцтва перанеслі ў суседнія Бабічы.

Вёска Покаць паціху вымірае. Многія двары паікнутыя гаспадарамі, зарастаюць травой, муражэюць былыя падворкі, сцежкі і дарогі, нежылыя закінутыя хаты навяваюць сум.

Раней, у дачарнобыльскі час, у кожным двары была карова, цяпер малако лягчэй купіць у магазіне. Вельмі крыўдна, што здача малака дзяржаве становіцца для насельніцтва нізкапрыбытковай. Калі ў гарадах Беларусі ў магазіне літр малака каштуе 500–600 рублёў, то сяляне яго здаюць па 180 рублёў за літр. Мая маці кожнае лета вядзе барацьбу за тое, каб здадзенае ёю малако дакладна ацэньвалася. Калгас “Звязда” (зараз гэта прыватнае сельскае унітарнае прадрпыемства) не можа сабе дазволіць адзінку лабаранта, які б два разы на тыдзень правяраў тлустасць малака, прынятага ад насельніцтва, каб адпаведна паказчыкам налічваць грошы. На Рагачоўскім малаказаводзе, куды малако пастаўляецца, вымяраецца ўжо агульная тлустасць, што многія на здадзеным больш якасным малаку губляюць па 50–100 літраў.

Вельім цяжкае становішча бывае ў калгасных статках вясной з кармамі. Жывёлы ледзь дажываюць да пашы. “Хутка малако будзе занесена ў Чырвоную кнігу”, – сумна жартуе мой зямляк, заатэхнік саўгаса “Асімкавічы” Міхаіл Канавалаў.

Больш заможныя вясцоўцы маюць каня ці мінітрактар, апрацоўваюць каля 1–2 гектараў зямлі, здаюць лішкі малака дзяржаве. Але такіх на вёску ўсяго двароў дзесяць.

Покаць знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага забруджвання ад 5 да 15 кюры. Раней у Чачэрскім раёне даплачвалі за пражыванне ў гэтай зоне, а ў апошнія гады быццам тэрыторыя стала чыстай – даплата адменена. Цяпер ужо амаль ніхто з пражываючых там не звяртае ўвагі на радыяцыю: ловіцца і спажываецца рыба з рэчкі Покаць, збіраюцца ў лясах грыбы і ягады.

Між тым, у дзень святкавання незалежнасці рэспублікі, 3 ліпеня, падчас 59-й гадавіны вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Чачэрску адкрыты мемарыяльны знак у памяць аб 43 населеных пунктах раёна, якія пасля катастрофы на ЧАЭС больш не існуюць.

Сумна.

Вёска Покаць упамінаецца ў штомесячніку “Наш край”, выдадзеным у 1930 годзе Акадэміяй навук Беларусі як прыгожае мястэчка з 3–4 кааператыўнымі крамамі, школай, крытымі жалезам каменнымі будынкамі, хатай-чытальняй, клубам, сельсаветам.

А ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць” адзначана: “У 1770 годзе вёска Покаць – цэнтр маёнтка, прыватная ўласнасць пана Шалюты ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1862 годзе Покаць – цэнтр Покацкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Меліся промыслы: кравецкі, адыходны, сталярны, бондарны.

У 1886 годзе ў вёсцы размяшчаліся валасное праўленне, стараверская капліца, царкоўна-прыходская школа, ветраны млын. За тры вярсты – сядзіба Фёдараўка, праваслаўная царква, вінакурны завод, 2 вадзяныя млыны”.

Найбольшы росквіт Покаць, відаць, мела ў 1906 годзе, калі ў вёсцы налічвалася 216 двароў, 1511 жыхароў. У 1910 годзе працавала народнае вучылішча, на базе якога ў 1927 годзе была створана школа 1-й ступені. Тут нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Мікалай Байкоў, які праявіў гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Спакон вякоў мая вёска мае адну асаблівасць – падзяляецца на дзве часткі: беларускую і “стараверскую”, інакш яе называюць “маскалі”. У гэтай частцы людзі размаўляюць больш па-руску, чым па-беларуску, у іх будынках – больш акуратнасці, у веравызначэнні – рэлігійнасці.

На 1 студзеня 1999 года ў вёсцы пражывала толькі 224 жыхары, было 112 двароў.

Прыгожыя мясціны акаляюць вёску Покаць, сасновыя стромкія бары, балоты, палі, лугі. Яе эыхары шчыра, аддана працуюць на сваёй зямлі. На ўездзе ў вёску з боку Залесся на электрычным слупе ўжо колькі гадоў месціцца гняздо буслоў. Прылятаюць кожную вясну. Летась часта можна было ўбачыць чатырох высакародных птушак, якія задуменна сцішыліся ў сваёй хаціне і акідваюць позіркам наваколле.

Якая будучыня чакае маю вёсачку? Што тут будзе праз год, дзесяць, сто летаў і зім? Думаю, што на гэта адкажа не столькі суровы, колькі літасцівы час.

Святлана РАМАНАВА

(№ 22, 2004 год)

 

 

 

 

Адрас: вул. Траецкая набярэжная, д. 6, 3-і паверх, г. Мінск