Сын двух народаў
Ёсць распаўсюджаны выраз, што такі і такі «выйшаў з народа». І хочацца дадаць пры готым: і не вярнуўся. Такое вызначэнне цалкам не падыходзіць пад азначэнне Чэслава Сэнюха. Хоць ён і жыве больш за 60 гадоў у Польшчы, а не ў Беларусі, дзе нарадзіўся 80 гадоў таму, ды не парывае сувязі з краем і народам, «з якога выйшаў». Ды пра ўсё па парадку.
Вядомы перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову і папулярызатар яе ў Польшчы Чэслаў Сэнюх нарадзіўся 9 ліпеня 1930 года ў мястэчку Любча, што на Наваградчыне. Але ў 1945 годзе ягоныя бацькі выехалі ў Польшчу, дзе ён жыве і сёння. Там на пачатку 1950-х гадоў ён навучаўся на рускім аддзяленні Варшаўскага універсітэта, потым дваццаць гадоў адпрацаваў лектарам, дыктарам, рэпарцёрам і каментатарам Польскага радыё (у тым ліку з 1965 па 1969 гады ў польскай рэдакцыі «Радыё Масквы»). У 1980–1990-х ён супрацоўнічаў з штомесячнікам «Советская литература», для якога пераклаў на польскую мову творы Алеся Адамовіча і Васіля Быкава (у прыватнасці, «Апошнюю пастараль» і «Аблаву»). З 1982 года займаецца перакладамі на польскую мову твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Алеся Барскага, Уладзіміра Арлова ды іншых. Дзякуючы яму палякі на роднай мове прачыталі аповеды В. Быкава «Сцяна» (кнігу пераклаў разам з Янам Максімюком), кнігу прозы, паэзіі і лістоў В. Быкава і Р. Барадуліна «Калі рукаюцца душы», пераклаў таксама камедыю Янкі Купалы «Тутэйшыя» і паэму Уладзіміра Някляева «Паланез». Акрамя таго Ч. Сэнюх друкаваў свае працы ў часопісах «Lithuanian», «Wiez», «Krasnogruda», «Czasopis» ды іншых, чытаў свае пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў у эфірах штотыднёвых беларуска-польскіх перадачаў Беларускага Радыё Польшчы. За папулярызацыю нашае культуры ў Польшчы ён у 1994 годзе адзначаны Фундацыяй «Porcul-Australia», двойчы атрымліваў узнагароду імя Вітальда Гулявіча за пераклады беларускай літаратуры (1996) і эпапеі Якуба Коласа «Новая зямля» (2002). Зрэшты, на апошняй працы варта спыніцца асобна. У 2002 годзе да 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа Беларускі фонд культуры выпусціў адметнае выданне – паэму «Новая зямля» па-беларуску, па-руску і па-польску. Яскравы пераклад на польскую мову зроблены менавіта Ч. Сэнюхам. Па выніках 2002 года кніга адзначаная Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь як адна з лепшых кніг года.
На пачатку гэтага года Выканкам ГА «Беларускі фонд культуры» на пасяджэнні разглядаў магчымасці прадстаўлення перакладчыка да беларускай узнагароды – медаля Францыска Скарыны. Пры гэтам улічвалася і тое, што шэраг гадоў Чэслаў Сэнюх прапагандаваў выдатную паэму Якуба Коласа, як і іншыя творы беларускіх пісьменнікаў, на Польскім радыё (выйшла звыш 600 перадачаў). Дадамо, што Ч. Сэнюх бярэ ўдзел у працы грамадскага камітэта па стварэнні помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве.
Як бачым, і далёка ад месца нараджэння ды землякоў можна заставацца верным зямлі, якая цябе нарадзіла, працаваць на яе карысць. Не выходзіць з народа, а заставацца з ім. І бачылі б, з якімі імпэтам і ўдзячнасцю ён згадвае сваё маленства ў старажытнай Любчы, на слаўнай Наваградскай зямлі!
Падрыхтаваў Ул. АДЗІМІР
Выканкам Грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры» далучаецца да шматлікіх шчырых віншаванняў Чэслава Сэнюха, зычаць яму моцнага здароўя, новых дасягненняў на ніве сяброўства двух суседніх пародненых гісторыяй народаў і ўзнагароджвае юбіляра Ганароваю граматай арганізацыі.
На Грунвальд!
9 ліпеня беларускія рыцары выправіліся на Грунвальдскае поле для ўдзелу ў святкаванні слаўнай Перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Апоўдні яны сабраліся каля мінскай ратушы, адкуль пасля невялікай урачыстасці пачалося шэсце да Палацу спорту. Там іх чакалі аўтобусы, на якіх прадстаўнікі розных клубаў і вырушылі ў Польшчу.


Першы прыпынак будзе ў Беластоку, дзе беларусы сустрэнуцца з рыцарамі іншых клубаў.

Прапануем некалькі здымкаў з выправы на Грунвальд. Кульмінацыяй стане 17 ліпеня – інсцэніроўка знакамітай бітвы.

Фота Уладзіміра Пучынскага
Выйшаў № 25 “Краязнаўчай газеты”
«Берагіня»: бераг традыцыяў
і сяброўства
З 24 па 27 чэрвеня на гасціннай рудабельскай зямлі прайшоў VI Рэспубліканскі фестываль фальклорного мастацтва «Берагіня».


Сёлета ён сабраў больш за 900 удзельнікаў з усіх абласцей Беларусі і Мінска. З замежных гасцей у ім прынялі ўдзел рускія, украінцы, малдаване, латышы, крымскія татары, карэлы і этнічныя беларусы з Польшчы. На працягу чатырох дзён лепшыя фальклорныя калектывы і выканаўцы – пераможцы абласных аглядаў-конкурсаў харэаграфічнага, музычнага, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва спаборнічалі паміж сабой і дэманстравалі сваё майстэрства аўтарытэтнаму журы, шматлікім гасцям фестывалю.

Праграма фестывалю была вельмі насычанай і разнастайнай. Акрамя традыцыйных конкурсаў выканальніцкага майстэрства праводзіліся майстар-класы, выставы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, фальклорныя калектывы прадстаўлялі на сцэне мясцовыя традыцыі і канцэртныя фальклорныя праграмы.
Упрыгожаннем свята стала правядзенне на беразе маляўнічага возера народнага гуляння «Рудабельскае Купалле». Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, трымаючы адно аднаго за рукі, аб’ядналіся ў карагодзе вакол купальскіх вогнішчаў, дэманструючы еднасць і вернасць старажытным традыцыям. Купальскае свята завяршылася грандыёзным феерверкам.

Вельмі відовішчным і змястоўным быў апошні дзень свята. Пасля ўрачыстага шэсця ўсіх удзельнікаў фэсту на цэнтральным пляцы пас. Акцябрскі адбыўся заключны канцэрт пераможцаў шматлікіх конкурсаў і гасцей свята.
Журы было адзінадушным: год ад года пашыраецца кола ўдзельнікаў свята народнай творчасці, а майстэрства выканаўцаў – як асобных, так і калектываў – расце.
Наталі КУПРЭВІЧ
Фота аўтара
Генеалогія: час адраджэння
Рэкамендацыі па росшуку свайго радаводу
Час савецкай дзяржаўнасці ўнёс значныя змены ў светаўспрыманне усходнеславянскага чалавека, у тым ліку беларуса. Генеалогія лічылася буржуазнай навукай, а веданне свайго радаводу было з’явай малапатрэбнай і не заўжды бяспечнай.
Стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы адзначылася лавінамі запытаў генеалагічнага характару, што паступаюць у тыя архіўныя ўстановы, якія змяшчаюць дакументы, звязаныя з дарэвалюцыйнай гісторыяй Беларусі. Гэта з’яўляецца відавочнай прыкметай актыўнай грамадзянскай зацікаўленасці сваім гістарычным і генеалагічным мінулым, а таксама прыкметай далейшага фармавання нацыянальнай беларускай самасвядомасці.
Займацца даследаваннем уласнага радаводу можа кожны чалавек, а не толькі прафесіянал-архівіст. Дзеля гэтага неабходна ведаць свой радавод да 3–5-га каленаў, г.зн. да лініі дзеда, прадзеда, альбо прапрадзеда, што нарадзіліся яшчэ за «імперскім часам», з наяўнасцю непасрэднай генеалагічнай інфармацыяй аб іх (імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, даты жыцця, месцы нараджэння і жыцця, склад сям’і, род заняткаў і інш.). Неабходным момантам таксама з’яўляецца веданне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, што існаваў у пэўны час на пэўнай тэрыторыі. Крыніцай, якая прадстаўляе такую інфармацыю, з’яўляецца «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (выданне ў 6 тамах), дзе змешчаныя звесткі па гісторыі асобных беларускіх паветаў часоў Расійскай імперыі з пералікам воласцяў, што ўваходзілі ў іх склад. У кожнай воласці, як правіла, знаходзілася царква, а пры ёй прыход, дзе і праводзіўся царкоўны ўлік насельніцтва, вяліся метрычныя кнігі. Матэрыялы адміністрацыйна-паліцэйскага ўліку (рэвізскія сказкі, пасямейныя і прызыўныя спісы) таксама звязаныя з пэўнымі тэрытарыяльнымі адзінкамі і адпаведна гэтага размяшчаюцца ў архіўных фондах.
У якасці неабходнага дапаможнага матэрыялу пры росшуку свайго радаводу можна выкарыстоўваць метадычныя рэкамендацыі С.А. Рыбчонка «Крыніцы па генеалогіі Беларусі XVI – пачатку ХХ ст.: Метадычныя парады» (Мн., 2003). Цікавую інфармацыю прадстаўляе сайт беларускай архіўнай сеткі ў інтэрнэце і асабліва тыя яго старонкі, што прысвечаныя пытанню размяшчэння ў архівах па фондах метрычных кніг і рэвізскіх сказак.
Метрычныя кнігі – крыніцы, якія складаліся ў культавых установах для запісу актаў аб хрышчэнні, вянчанні, разводзе, смерці прыхаджанаў. Рэвізскія сказкі (або рэвізія) сваім унутраным зместам нагадваюць спавядальныя ведамасці. Але адметнасць іх у тым, што яны адносяцца не да другой паловы XIX ст., як большасць «спавядальных ведамасцяў», а прыходзяцца на канец XVIII – першую палову XIX ст., а менавіта на 1795, 1811, 1815, 1833, 1850, 1858 гг., якія адпаведна прыпадаюць на 5, 6, 7, 8, 9, 10-ю рэвізіі, праведзеныя ў Расійскай імперыі.
Асобную генеалагічную крыніцу прадстаўляюць матэрыялы па шляхецкай генеалогіі, да якой адносяцца справы аб дваранстве роду, пратаколы вывадовых камісіяў дваранскіх дэпутацкіх сходаў, радаводныя кнігі, пасямейныя спісы, указы Дэпартамента герольдыі. Значнасць дадзенай крыніцы асабліва адчувальная ў сувязі з роляй, якую выконвала шляхта ў дзяржаўным і палітычным жыцці беларускіх земляў на розных этапах іх існавання. Дадзены комплекс дакументаў фармаваўся ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст., у часы, калі адбываўся працэс «разбору шляхты» (мерапрыемствы, праведзеныя ўладамі Расійскай імперыі па скарачэнні шляхецкага стану на новадалучаных тэрыторыях), што патрабаваў ад беларускага панства доказаў яго дваранскага паходжання.
Праца ў НГАБ (г. Мінск) ажыццяўляецца з непасрэднага дазволу дырэктара архіва. Пры атрыманні дазволу можна прыступаць да самой дзейнасці, першым этапам якой з’яўляецца пошук неабходнага фонду, прагляд вопісаў яго справаў, што могуць змяшчаць цікавыя для даследчыка дакументы. Архіўныя справы, такім чынам, з’яўляюцца носьбітамі каштоўнай персанальнай інфармацыі.
Паводле А.С. Залівакі, аўтара генеалагічнага даследавання «Гісторыя роду Залівакаў» (Мн., 2006): «Складанне радаводу – гэта працэс, працэс доўгі, цярністы, але прыемны, які пакідае шмат незабыўных уражанняў, гэта шлях, поўны трывог, падзеяў, радасцяў і расчараванняў, ён бясконцы, як само жыццё».
Вадзім УРУБЛЕЎСКІ, аспірант гістарычнага факультэта БДУ, вядучы навуковы супрацоўнік НГАБ (г. Мінск), сакратар гуртка «Радавод» на гістфаку БДУ
(Артыкул скарочаны – поўнасцю надрукаваны ў свежым нумары газеты)
Абрадавае кола артыстаў
Прыгажосць роднага краю, рэк, азёраў ды лясоў заўжды зачароўвае творцаў і натхняе іх на новыя знаходкі. Пэўна ж, пра тое думалася і фалькларысту, харэографу ды рэжысёру Міколу Котаву, калі ён вырашыў стварыць вакальна-харэаграфічна-абрадавае кола «Слаўлю цябе, зямля Беларусі!». Безумоўна, натхніла на тое і Гомельшчына – родам ён з Рэчыцы, а на Тураўшчыне адпрацаваў не адзін дзесятак гадоў, ствараў фальклорныя калектывы, вучыў танцу моладзь і людзей больш сталага веку ды збіраў спадчыну. Гэтая зямля славіцца талентамі, адметнаю традыцыйнай культураю, без якіх немагчымая памяць аб продках і любоў да сваёй краіны. Нездарма паўтарае спадар Мікола: «Родная зямелька – стомленаму пасцелька» і «Шануй зямлю, і яна цябе пашануе».
З новаю задумаю М. Котаў завітаў у Беларускі фонд культуры, дзе размаўляў з яго старшынём Уладзімірам Гілепам наконт праекта. Штуршок быў дадзены. Потым задуму падтрымаў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча Міхась Дрынеўскі.

У вялікай абрадавай кампазіцыі занятыя сто шэсцьдзесят выканаўцаў – удзельнікі самадзейных калектываў з Жыткавіцкага раёна («Спасаўка» з Чэрнічаў, сямейныя гурты Клімовічаў з Сімурадцаў і Абібокаў з Запясочча, «Жытніца» раённага Дома культуры, «Маладзіцы маладыя» Нацыянальнага парку «Прыпяцкі») і артысты хору імя Цітовіча.
Пастаноўка паказвае шматстайнасць абрадаў беларусаў у розныя поры года. Ёсць тут вясновы юраўскі карагод, танец з купальскімі вянкамі, жніўныя і дажыначныя абрады, а завяршаюць кола года Каляды з іх песнямі і танцамі.
– Гэта першы маштабны праект такога роду, – зазначае М. Дрынеўскі, – які сплёў у адну канву прафесійнае і самадзейнае мастацтва. Лічу, атрымалася прыгожа, але галоўны наш суддзя – глядач, ён вырашыць, як у нас атрымалася. Мы ж стараліся зрабіць як мага лепей.
Аўтар і пастаноўшчык абрадавай кампазіцыі М. Котаў зазначае:
– Больш складанымі былі першыя рэпетыцыі, на Жыткаўшчыне. Вы толькі задумайцеся: людзі пасля працы ў полі ці дзе на гаспадарцы па тры гадзіны рэпетыравалі… Казалі, што лепш у полі працаваць, чым на сцэне. Але іх вялікае жаданне дало добры плён. Хочацца, каб традыцыі, якія нясуць у сабе дабрыню і павагу да продкаў, да роднай зямлі і да працы людзей, жылі і перадаваліся нашчадкам. А сцэнічная пляцоўка іх ажыўляе, робіць для некага бліжэйшымі. Вядома ж, хочацца падзякаваць за разуменне і падтрымку старшыні БФК, кіраўніцтву Жыткавіцкага райвыканкама і раённага Дома культуры, артыстам і кіраўніцтву акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча.

Цікавае спалучэнне прафесійнага і самадзейнага мастацтва дало свой плён, яно ўхваленае Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Ужо ёсць намеры і канкрэтныя прапановы, дзе на вялікай сцэне можна паказаць (а значыць, гледачы яго пабачаць) тэатралізаванае прадстаўленне. Пакуль жа прапануем колькі здымкаў са зводнай рэпетыцыі, якая нядаўна прайшла ў оперным тэатры, у рэпетыцыйнай зале хору імя Цітовіча.
Вулляна МЫШКАВЕЦ Фота Уладзіміра ПУЧЫНСКАГА
Газета распаўсюджваецца толькі па падпісцы
-
Адрас: вул. Камунальная набярэжная, д. 6, 3-і паверх, г. Мінск

