+375 17 334-61-62
 

Краязнаўцы

 

Гэта працяг даўняй рубрыкі «Сучасныя беларускія краязнаўцы», якая была на старонках газеты некалькі гадоў таму; з той розніцаю, што мяркуем друкаваць таксама (са згоды саміх краязнаўцаў – чакаем лісты, сябры-краязнаўцы!) кантактныя адрасы, тэлефоны, электронныя адрасы, каб людзі маглі скантактавацца між сабою, а таксама абноўленыя і дапоўненыя звесткі пра краязнаўцаў



Шчавінская Ларыса Леанідаўна (н. 01.06.1957, г. Гомель),
кандыдат філалагічных навук (1997), старшы навуковы супрацоўнік інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук. Скончыла Мінскі радыётэхнічны інстытут (1979). Да краязнаўства далучылася падчас вучобы ў школе-інтэрнаце № 3 г. Гомеля. Цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай: гісторыяй, культурай, рэлігіяй і інш. Большасць публікацый падрыхтавала разам з Ю.А. Лабынцавым.

Серпікаў Віктар Пятровіч (н. 02.08.1946, в. Антонаўка Добрушскага р—на Гомельскай вобл.),
настаўнік Насовіцкай СШ Добрушскага раёна. Скончыў Гомельскі дзяржаўны універсітэт (1969). Краязнаўчую дзейнасць распачаў у 1975 г. Настаўнікамі лічыць М. Куцалапаву, М. Півавара. Займаецца этнаграфіяй і археалогіяй Добрушскага раёна. Стваральнік школьнага гісторыка-этнаграфічнага музея.

 

Асоба ў краязнаўстве

Аўтар кніг і… музеяў

Наш адметны час мае свае адметныя постаці. Сярод іх вылучаецца сваёй дабрачыннай дзейнасцю на карысць Бацькаўшчыны Анатоль Валахановіч. Чытачы «Краязнаўчай газеты» добра ведаюць імя гэтага няўрымслівага даследчыка даўніны. Шмат сілаў, сродкаў і часу ён прысвяціў стварэнню краязнаўчых музеяў і экспазіцыяў у розных мясцінах краіны.

Па заканчэнні навучання ў Мінскім педінстытуце А. Валахановіч год працаваў у Бараўскай СШ Дзяржынскага раёна. І тут заснаваў ён у 1961 годзе свой першы музей, ахвяраваўшы асабістыя каштоўнасці – кнігі, старыя дакументы, збор папяровых грошай розных часоў і краінаў ды іншыя рэчы. І той музей неаднойчы ў розных конкурсах займаў прызавыя месцы сярод школьных музеяў.

Потым былі іншыя. Анатоль Іосіфавіч – непасрэдны і галоўны ўдзельнік стварэння музея гісторыі і працоўнай славы на чыгуначнай станцыі Негарэлае, музеяў Ф. Дзяржынскага на вопытна-механічныма заводзе і ў Дзяржынскай СШ № 1, музея Дзяржынскай райсельгастэхнікі (былой Койданаўскай МТС, першай у Беларусі), музея ў Дзямідавіцкай СШ. У музеі вёскі Станькава ён аформіў тры залы, прысвечаныя гісторыі паселішча, а таксама Марату Казею і ягоным родным. Гэты чалавек спрыяў стварэнню музея ў Навасёлках, на радзіме славутых братоў Ермаловічаў. Не абыходзілася без дабрачыннай працы, пераездаў за свой кошт, ахвяраванняў. Ён аўтар 23 кніг і звыш 450 артыкулаў па праблемах гісторыі, культуры, рэлігіі. Чакаюць часу выдання даследаванні «Дзяржынскі нацыянальны польскі раён, 1932–1937 гг.», «Протаіерэй Мікалай (М.У. Леднік)», «Рудольф Гес», «Вільгельм Кубэ», «М. Горкі і ягоныя жонкі» ды іншыя.

Цяпер з вядомымі краязнаўцамі Леанідам Акаловічам і Ігарам Гатальскім ён даследуе спадчыну роду графа Гутэн-Чапскага, вядзе асветніцкую працу ў клубе «Спадчына», даследуе малавядомыя старонкі гісторыі мінулага стагоддзя.

Здзіўляе, як можа столькі рабіць адзін чалавек. І працаваць на грамадскіх пачатках. Без вакацыяў, без паўнавартаснага адпачынку. За самаахвярнасць ён, сябра Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, мае шмат узнагародаў. Але найкаштоўная – павага вядомых навукоўцаў і звычайных людзей, святароў і вернікаў усіх канфесіяў, вучняў і выкладчыкаў... Гэтай вясною ён адзначыў і незвычайны юбілей – 50 гадоў працоўнай і творчай дзейнасці. З гэтае нагоды сябры зычаць яму поспехаў ва ўсіх справах, а таксама моцнага здароўя.

Уладзімір ЛІПСКІ, краязнаўца

 

 

 

Адрас: вул. Камунальная набярэжная, д. 6, 3-і паверх, г. Мінск