Грамадская арганізацыя «Беларускі фонд культуры» створаная ў красавіку 1987 г. у Мінску. Вышэйшы кіруючы орган Беларускага фонду культуры (БФК) — Рада, якая склікаецца штогод і выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў.Рада выбірае Выканаўчы камітэт на чале са старшынём. Цяперашні старшыня Рады БФК — Уладзімір Аляксандравіч Гілеп.
Дзейнічае выдавецтва «Беларускі фонд культуры» і выходзіць «Краязнаўчая газета». Асноўныя задачы БФК: садзеянне ўдзелу розных групаў насельніцтва ў культурным будаўніцтве, выкарыстанню іх творчых намаганняў і матэрыяльных магчымасцяў; аказвае маральную, матэрыяльную і прававую падтрымку ініцыятывам і пачынанням грамадскасці, якія накіраваныя на памнажэнне культурнай спадчыны, захаванне і выкарыстанне народных традыцый, развіццю краязнаўства, прафесійнай і аматарскай творчасці і г.д.; аказвае дапамогу моладзіў творчым росце; адшуканню і вяртанню твораў мастацтва, архіўных матэрыялаў, іншых помнікаў гісторыі і культуры, якія знаходзяцца па-за межамі краіны; развіццю міжнародных сувязяў і абменаў.
Для выканання задачаў распрацаваная і ажыццяўляецца доўгатэрміновая праграма «Спадчына», у адпаведнасці з якой камісіі савета фонду наладжваюць фальклорныя святы («Каляды», «Гуканне вясны», «Купалле»), выстаўкі твораў народных майстроў, культурных каштоўнасцяў, якія паступаюць у дар БФК ад арганізацыяў і прыватных асобаў, маюць права праводзіць дабрачынныя вечарыны і святы.
БФК з’яўляецца фундатарам многіх адмысловых выданняў. Асаблівай значнасцю выдзяляюцца наступныя навуковыя праграмы БФК: «Вяртанне і захаванне нацыянальных культурных каштоўнасцяў». У рамках праграмы выдаецца серыя зборнікаў матэрыялаў і дакументаў пад назвай «Вяртанне», «Адраджэнне нацыянальнай культуры старажытных малых гарадоў і паселішчаў»). Адбыліся святы ў Друцку, Копысі, Міры, Карэлічах, Слуцку. Праграма «Вернутыя імёны» займаецца пошукам гістарычных асобаў, якія вызначыліся сваёй грамадскай,культурнай, асветніцкай ды іншай дзейнасцю на карысць свайго народу і народаў свету. Праводзяцца шмагадовы рэспубліканскі онкурс «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры», конкурс мастакоў-сцэнографаў імя І.М. Ушакова і іншыя.
Беларускі фонд культуры уваходзіць у Канфедэрацыю творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь, цесна супрацоўнічае з Саюзамі народных майстроў і фалькларыстаў Беларусі, з дзяржаўнымі архівамі, бібліятэкамі, музеямі.
«Краязнаўчая газета»
выдаецца з красавіка 2003 г. Штомесяц выходзіць чатыры нумары. Падпісныя індэксы: індывідуальны — 63302, ведамасны – 633202. На старонках выдання змяшчаюцца артыкулы мясцовых краязнаўцаў, прысвечаныя гісторыі і традыцыям рэгіёнаў нашай краіны, даследаванні навукоўцаў пра гісторыю, этнаграфію, фальклор і архітэктуру, пра гістарычныя падзеі і асобаў, а таксама расповяды пра нашых землякоў, якія праславіліся не толькі ў ў Беларусі, але і за яе межамі. Асобная ўвага надаецца публікацыям пра досвед краязнаўчых пошукаў і працу музеяў у школах ды бібліятэках краіны. Сярод найбольш папулярных рубрыкаў — «Малая краязнаўчая энцыклапедыя», «Асоба ў краязнаўстве», «Наша гісторыя: ідэі, падзеі, асобы», «З бібліятэкі „КГ“», «На паліцу краязнаўцы», «Царкоўнае краязнаўства», «Даследуюць вучні», «Рэгіён», «Землякі», «Спадчына ў небяспецы». У гэтым годзе ёсць адмысловыя рубрыкі «З нагоды Году роднай зямлі» і «Да тысячагоддзя першай згадкі назвы Літва», некалькі гадоў існуе рубрыка, заснаваная сумесна з рэспубліканскай акцыяй «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся».
-
Адрас: вул. Траецкая набярэжная, д. 6, 3-і паверх, г. Мінск

